Спецпаказ фільма «Кніга Ілая» з выступам Нобелеўскага лаўрэата 22 верасня

Распавесці сябрам:


22 верасня ў кінатэатры velcom cinema пройдзе паказ фільма «Кніга Ілая». Спецыяльны госць гэтага сеансу, атрымальнік Нобелеўскай прэміі Кенэт Брокман, выступіць з тэматычнай лекцыяй. Толькі адзін сеанс, спяшайцеся па квіткі.

Кенет Брокман у складзе каманды МАГАТЭ атрымаў Нобелеўскую прэмію міру ў 2005 годзе як дырэктар па бяспецы ядзерных установак гэтай арганізацыі. Прэмія была ўручана за намаганні па прадухіленні выкарыстання атамнай энергіі ў ваенных мэтах і па забеспячэнні яе прымянення ў мірных мэтах у максімальна бяспечных умовах, што з’яўлялася непасрэднай сферай дзейнасці спадара Брокмана. Гэтай жа тэме будзе прысвечаная і яго лекцыя: вучоны будзе распавядаць пра небяспеку ядзернай зброі і пра тыя намаганні, якія прадпрымаюцца, каб ядзерны апакаліпсіс на Зямлі стаў немагчымы, а таксама пра ўжыванне ядзерных тэхналогій у мірных мэтах. Акрамя таго, Кенэт падзеліцца сваімі разважаннямі пра фільм «Кніга Ілая», які чакае гледачоў пасля лекцыі.

У ім прадстаўлена карціна сусвету, які перажыў атамную вайну. Свет навокал ператварыўся ў спаленую сонцам пустыню, людзі вядуць прымітыўнае жыццё і да смерці б’юцца за рэчы, якія раней лічыліся смеццем. Але галоўны герой Ілай не толькі памятае час да вайны, але і валодае кнігай, якая мае сілу выправіць становішча. Аднак гэтую сілу прагнуць здабыць і іншыя, і яны не спыняцца ні перад чым, каб завалодаць ёю…

Пачатак лекцыі і паказу – ў 17:00.

Галоўныя ролі ў «Кнізе Ілая» выканалі Дэнзэл Вашынгтон, Гары Олдмен і Міла Куніс. Стужка справядліва лічыцца адным з яркіх прадстаўнікоў жанру постапакаліпсіс у кінематографе. На беларускую мову герояў «Кнігі Ілая» агучылі Павел Харланчук, Святлана Цімохіна, Зміцер Саладуха, Ганна Хітрык, Алесь Малчанаў, Уладзімір Глотаў.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.