Распавесці сябрам:
Ужо ў гэтыя выходныя ў Горадню завітае Маленькі Прынц!
28-30 ліпеня ў гарадзенскім кінатэатры «Чырвоная Зорка» адбудуцца паказы мультфільма «Маленькі Прынц» у беларускай агучцы. Разам з паказамі будзе прэзентавана першае ў незалежнай Беларусі выданне кнігі «Маленькі Прынц» па-беларуску.
«Маленькі Прынц» – найзнакаміцейшы твор Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, залатая класіка літаратуры, самая перакладаная кніга ў свеце пасля Бібліі і Карана. Гэта глыбокі і мудры твор, адначасова цікавы як дзеткам, так і для дарослым.
У 2015 годзе ў Францыі выйшаў аднайменны мультфільм. Ён распавядае гісторыю дзяўчынкі і яе незвычайнага сяброўства са смешным старым – тым самым лётчыкам з кнігі «Маленькі Прынц». Самастойны сюжэт пераплецены ў мультфільме з сюжэтам знакамітай кнігі, таму яго будзе цікава глядзець як тым, хто яшчэ не чытаў кнігу, так і тым, хто добра знаёмы з гэтым творам.
У межах праекта «Беларускія ўікэнды» гэты мультфільм быў агучаны на беларускую мову кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom. На мову ролі агучвалі: Ганна Хітрык, Сятлана Цімохіна, Зміцер Бейнарт-Саладуха, Павал Харланчук, Сяргей Жбанкоў, Уладзімер Глотаў.
Перад паказамі адбудзецца прэзентацыя першага ў незалежнай Беларусі выдання кнігі «Маленькі Прынц» у беларускім перакладзе Ніны Мацяш. У гэты дзень можна будзе набыць кнігу.