Распавесці сябрам:
Што паглядзець у кінатэатрах на гэтых выходных? Мы зрабілі кароткі агляд некаторых фільмаў, што ідуць зараз у кінатэатрах. Чытайце і вырашайце!
1. «Неверагоднае жыццё Ўолтэра Міці»
[vimeo id=”80067731″ width=”600″ height=”350″]
“Неверагодная гісторыя Ўолтэра Міці” рэжысерская праца Бэна Стылера, экранізацыя вядомага апавядання. Просты офісны працаўнік літаральна жыве неверагоднымі марамі. Але ў адзін дзень ён выходзіць з працы і выпраўляецца ў рэальнае падарожжа, поўнае прыгодаў і пошукаў сябе.
Адна з нешматлікіх стужак, што апынулася не горш за свой трэйлер. Надзвычай прыгожыя краявіды, рэальныя, а не намаляваныя, патрабуюць прагляду менавіта ў кінатэатры. Для здымак група “Неверагоднага Ўолтэра Міці” сапраўды выпраўлялася ў Ісландыю, Грэнландыю і Афганістан. Сюжэт не адрозніваецца асаблівай глыбінёй, ён просты і прыемны, але задачу, што паставіў перад сабой Бэн Стылер – натхніць гледача – можна лічыць споўненай на сто адсоткаў.
Гэты фільм, магчыма, будзе паваротным момантам для Бэна Стылера. Рэжысёрская праца вядомага камедыйнага акцёра апынулася нечакана цікавай стужкай як для крытыкі, так і для гледачоў. Аператарская праца, праца гукарэжысэра і саўндтрэк заслугоўваюць асобных кампліментаў.
Ісці: Калі вам хочацца атрымаць натхненне для зменаў у жыцці. Ці калі вы проста любіце прыгожыя гісторыі незвычайных прыгодаў звычайных людзей.
Не ісці: у стужцы адсутнічае гвалт, сэкс, пошласць – ўсё тое, што лічыцца абавязковым для поспеху сучаснага дарослага фільма. Калі вы не можаце бяз гэтага – магчыма, ісці ня варта.
2. «Хобіт»
Са снежня мінулага году ў кінатэатрах ідзе другая частка экранізацыі “Хобіта”. Пітэр Джэксан працягвае распавядаць сваю версію вядомай казкі Дж. Р. Р. Толкіна. Гэтым разам 13 гномаў і хобіт сустрэнуцца з пераваратнем Беорнам, перажывуць эльфійскі палон і нарэшце сустрэнуцца з цмокам.
З-за расцягнутасці стужкі (а невялікая гісторыя расцягнута агулам на 9 гадзінаў у трох фільмах) “Хобіту” бракуе сюжэтнай дасканаласці, але гэтыя дзіркі ён закрывае багаццем спецэфектаў і батальных сцэнаў.
Ісці: калі вам падабаецца фэнтэзі, маляўнічыя пейзажы, бітвы і выкшталцоныя спецэфекты – смела ідзіце – Пітэр Джэксан майстра ў гэтых пытаннях.
Не ісці: калі вы аматар арыгінальнай кнігі і занадта вольнае абыходжанне Джэксана з творчасцю Прафесара будзе для вас непрыемным.
3. «47 Ронінаў»
Чарговая экранізацыя знакамітай японскай легенды пра 47 ронінаў, што коштам свайго жыцця адпомсцілі за смерць гаспадара. Гэтым разам у галівудскай версіі і з Кіану Рыўзам у якасці дадаковага героя.
Фільм траскуча праваліўся ў амерыканскім (і сусветным) пракаце. Нягледзячы на дарагія спецэфекты, бліскучыя катаны, містэра “Нэа“ Андэрсана, магію і самураяў (здавалася б, бязпройгрышнае спалучэнне) пры бюджэце ў 175 мільёнаў зборы склалі менш за 85 мільёнаў. Гэты фільм добра б глядзеўся на кінаэкранах ў 80-х гадах. Кардонны сюжэт, лялечныя самураі і відавочны канфлікт паміж жорсткасцю арыгінальнай гісторыі і ванільнасцю галівудскай традыцыі парадзіў пустышку. На кіно можна схадзіць адзін раз і нават сям’ёй, бо нават калі героі робяць сэпукку (рытуальнае самазабойства) ў кадры не паказваецца ані кроплі крыві. Не чакайце, што фільм нешта пакіне для галавы – толькі для вачэй.
Ісці: калі ў вас дзеці-падлеткі, а на “Хобіта” вы ўжо схадзілі. Ці калі вы настолькі любіце Кіану Рыўза, што не прапускаеце ніводнага фільма з ягоным удзелам.
Не хадзіць: калі вас не задавальняе перспектыва выдаткаваць 2 гадзіны на абсалютна прахадны фільм.
4. «Іван Царэвіч і Шэры воўк 2»
Шэраговы мультфільм расейскай кампаніі “Млын”, што штогод выпускае някепскія, але аднолькавыя камедыйныя мульцікі для дзяцей (перад “Іванам Царэвічам” было некалькі серый пра Трох асілкаў).
Ісці: калі вам падабаюцца мінулыя працы студыі “Млын”, а таксама калі ў вас ёсць дзеці, а на “Хобіце” вы ўжо былі
5. «Хутчэй за трусікаў»
Вельмі дзіўны фільм ад “Квартэта І” (“Дзень Выбараў”, “Дзень радыё”, “Пра што размаўляюць мужчыны”). На гэты раз камедыйная чацьвёрка вырашыла паспрабаваць жанр абсурдысцкага фільма. Большасць крытыкі схіляецца да таго, што ў фільме замала арыгінальнасці і зашмат пошласці. Схіляемся да гэтага і мы.
6. «Елкі 3»
Працяг навагодняй штампоўкі ад надзвычай камерцыйнай кампаніі Цімура Бекмамбетава. Мы не можам прыдумаць аніводнай прычыны, каб наведаць гэты фільм.