«ШТОРМ» у кінатэатрах па-беларуску!

Прыгодніцкі гістарычны фільм «Шторм: палаючы ліст» выходзіць на беларускія кінаэкраны з 27 кастрычніка. Гэтая нідэрландская стужка 2017 года ў захапляльны спосаб распавядае пра падзеі 500-гадовай даўніны. Аб чым жа кіно?

Шторм Вyтэн, сын кнігадрукара, становіцца аб’ектам палявання з боку інквізіцыі. З дапамогай Марыйкі, загадкавай дзяўчыны, якая жыве ў падземных калектарах Антверпена, Шторм спрабуе выратаваць свайго бацьку ад немінучай смерці.

Акрамя захапляльнага сюжэта, які адначасова спадабаецца і дзецям, і дарослым (а гэта робіць стужку ідэальнай для сямейнага прагляду), фільм адметны тым, што выходзіць на экраны ў беларускім дубляжы. Фільм агучаны найлепшымі беларускімі акцёрамі ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы velcom і «Атлант Тэлекам».

У гледачоў будзе магчымасць не толькі атрымаць задавальненне ад сюжэта, але і даведацца больш пра два вялікія юбілеі гэтага году: 500-годдзе Рэфармацыі і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і Бібліі Францыска Скарыны. На прэм’еры фільма кожнаму гледачу абяцаюць падарункі.  А таксама будзе магчымасць надрукаваць «палаючы ліст» уласнымі рукамі разам з Францішкам Скарынам!

Прэм’ера фільма адбудзецца 27 кастрычніка ў кінатэатры «Масква». Кіно таксама будзе ісці ў кінатэатрах «Беларусь», «Аўрора», і кінатэатрах сеткі Silverscreen. Квіткі можна набыць тут: kino.bycard.by/movie/shtorm

Падзяліцца допісам

  • Facebook
  • Twitter

Падзяліцца меркаваннем