Notice: session_start() [function.session-start]: ps_files_cleanup_dir: opendir(/var/lib/php5) failed: Permission denied (13) in /h/kinakongby/htdocs/wp-content/plugins/wordpress-social-login/wp-social-login.php on line 64
Вампіры, што забілі час | Кінаконг

Вампіры, што забілі час

3 Агульны бал

 

Антон Долін — openspace.ru

Цуда не здарылася: пятыя “Прыцемкі” такія ж невыносныя, як і мінулыя 4 фільма. І, зразумела, будуць так жа (ці яшчэ больш) паспяховыя – фінальны раздзел як ніяк. Гэта закон, канстанта, дадзенасць: хто б ні сядзеў у рэжысёрскім крэсле, “Прыцемкі” застаюцца стабільнай сістэмай, падобнай да паказанай у іх вампірскім сусвеце , што не змяняецца на працягу стагоддзяў.
Як адрэагуюць тыя, хто па-за лагерам прыхільнікаў, вядома: ці поўным ігнараванем, ці ледзяной пагардай, замешанай на густым сарказме. Кожны фільм, які ўдае сябе за звышсур’ёзны (асабліва мегаблакбастар для школьніц), можа быць асмяяны, пагатоў “Прыцемкі”.
Пафасныя пустыя дыялогі, высмактаныя з пальцу праблемы, шаблонныя – нават для Галівуда – характары, ненавісны гламур – усяго гэтага тут досыць. Ёсць сцэны, што заслугоўваюць асобнай увагі. Напрыклад тая, дзе малады ваўкалак распранаецца перад шакаваным пажылым палісмэнам, нібыта каб прадэманстраваць сваю звярыную натуру (хоць раней для гэтага распранацца было неабавязкова). Ці псеўдаэратычная, паміж Бэллай і Эдвардам: жыццёва патрэбна, каб рэйтынг у фільма быў ня надта жорсткім, інакш 90% аўдыторыі адваліцца. Таму ўвесь сэкс складаецца з лакун і змоўчанняў, охаў і ахаў, падчас якіх аператар вымушана фіксуе ўвагу выключна на вейках Робэрта Патынсана.

Але годзе. Можна кпіць колькі заўгодна, але адчуваць сябе пры гэтым будзеш нават не як моська перад сланом, а як інфузорыя перад Мобі Дзікам.

 

Шматмільённым натоўпам глыбока пляваць на наш скепсіс. Так што час спыніць іранізаваць і паспрабаваць разабрацца ў падставах шалёнага поспеху.

“Прыцемкі” выдаюць сябе за тое, чым ня ёсць: гэта інтрыгуе, вабіць, заводзіць. Гэта зусім не фільм пра вампіраў і ваўкалакаў, хаця галоўныя героі тут – вампіры ды ваўкалакі: крыві ліецца да крыўднага мала, аніякай боязі пачвары не выклікаюць.
Гэта зусім не маштабнае фэнтэзі – насамрэч фантастычны элемент тут у шэрагу самых неабавязковых, дзеянне разварочваецца павольна і знарок млява, экшн-сцэнаў пастаноўшчыкі імкнуцца пазбягаць так жа зацята, як клан міралюбівых вурдалакаў Каленаў – адкрытага сутыкнення з крыважэрнымі Вальтуры. У пятай серыі мільгае намёк на эсхаталагічны эпас аб дзіва-дзіцяці – ці то Месіі, ці то Антыхрысце (ўсё ж 2012 год, канец свету блізкі), але і гэтая тэма апынулася затаптанай у пыл.
Што ж такое “Прыцемкі”? Перш за ўсё, эратычны трэнажор для падлеткаў. Любоўны трохкутнік, што ёсць цэнтрам аповесці, блізкі да дасканаласці. Гераіня Крыстэн Сцюарт і марыць згубіць цноту, і баіцца гэтага. Яе два патэнцыйных партнёра адлюстроўваюць мужчынску натуру, падзеленую на два асноўных элемента: звярыную моц (ваўкалак Джэйкаб, у выкананні Тэйлара Лотнэра), то бок фізіялогію, і амаль нематэрыяльную прыгажосць (вампір Эдвард, ён жа Роберт Патынсан), то бок элемент платанічны. Пасля доўгіх, расцягнутых на тры фільмы і кнігі, ваганняў, яна выбірае другі варыянт. Тым больш, што вампір, арганічна звязаны з крывёю, здаецца ёй ідэальным кандыдатам для дэфларацыі.

Узнікае пытанне, на што ў гэтай нескладанай гісторыі наогул патрэбная містыка? Ці не прасцей было абысціся без сюррэалістычных дэталяў, паказаўшы ваганні старшакласніцы паміж двума хлопчыкамі, што ёй падабаюцца. Але тут трэба ўспомніць яшчэ нешта. У адрозненні ад ваўкалакаў, вампіры бессмяротныя. Ва ўсіх культурах і міфалогіях страта цнатлівасці – гэта ўступленне ў дарослае жыццё; выключна ў “Прыцемках” усё наадварот – тут пралітая кроў дазваляе спыніцца ў развіцці, назаўжды замерці ў фазе трапяткога пубертата.
Размовы пра перманентную інфантылізацыю сусвету даўно сталі агульнымі. Але тыя, хто адмаўляюцца сталець, падзеленыя на два лагеры: вечныя дзеці (для іх здымаюцца “Піраты Карыбскага мора”, “Гары Потэр”, “Уладар Пярсцёнкаў”) і вечныя падлеткі – спажыўцы “Прыцемкаў”, сярод якіх ёсць і людзі сярэдніх гадоў, прычым не толькі жанчыны. Для гэтых, што спыніліся ў развіцці — ці скажам карэктней, наўмысна затармазілі саміх сябе – спажыўцоў не існуе задачы больш важнай за пастаяннае, з кожных годам ўсё больш напружанае, захаванне маладосці. Дзеля гэтага, як графіня Баторы, яны гатовыя прымаць ванны з крыві – тым больш, калі тая ліецца толькі на экране.
Калі нараджаецца дачка Эдварда і Бэлы, ўсе праблемы здаюцца вырашанымі. Але выява неспакою, што прыклеілася да твару Крыстэн Сцюарт яшчэ ў першай серыі, не жадае знікаць. “У нас застаўся толькі адзін вораг – час”, — гучыць за кадрам яе голас. Сапраўды, вырашэнне канфлікта, што азначае завяршэнне сагі, мусіць пераводзіць гісторыю у новую якасную фазу, скок (хоця б псіхалагічны) у часе. А гэтага дапушчаць нельга. Цікава параўноўваць “Прыцемкі” з іншымі шматсерыйнымі галівудскімі экранізацыямі папулярных фантастычных тэкстаў. Што прыкучвала да экранаў гледачоў “Гары Потэра”, ад першага фільму да апошняга? Без сумневу, працэс сталення герояў. Што трымала ўвагу гледачоў трох частак “Уладара Пярсцёнкаў”? Павольны і займальны працэс трансфармацыі безадказных і слабых падлеткаў у выратавальнікаў свету. У “Прыцемках” падобнай эвалюцыі няма. Больш за тое, сакрэт іхняга поспеху – ў адсутнасці эвалюцыі, прыпыненні стрэлак гадзінніку. А ахоўнікі гэтага сакрэту ў фільме – клан Вальтуры, жыхары вечна маладой Італіі, што не жадаюць пашыраць кола абраных і дапускаць у яго Бэлу. Галоўны ўнутраны сюжэт апошняй карціны ў серыі – завяршэнне ініцыяцыі гераіні, яе развітанне з часам і ўступленне ў запаветную зону вечназялёнага вампірызма.

 

У пятых “Прыцемках” з экрану канчаткова знікаюць усе прадстаўнікі чалавечай расы. Апошні з магікан – бацька Бэлы, Чарлі Свон (Білі Бэрк). Гэты персанаж, нягледзячы на другаснаць, заслугоўвае асаблівай увагі. У першых серыях здавалася, што ягоная функцыя ў інтрызе цалкам традыцыйная – ахоўваць любімую дачку ад заўчасных заляцанняў кавалераў; нездарма па прафесіі ён паліцэйскі. Бліжэй да фінала зрабілася зраумела: ён быў зусім не ахоўнікам, а проста жадаў Бэле нармальнага чалавечага лёсу. Шлюбу, дзяцей, сям’і, якая б не развалілася, як ягоны брак. Але Бэла з Эдвардам адпраўляюць яго куды падалей, набываюць дзядуле пуцёўку на рыбалку; у іх свеце вечнага юнацтва ён непажаданы, як залішняя згадка аб узросце, старэнні і смерці.
Роўна такім жа чужародным элементам у маналітным свеце “Прыцемак” здаецца дачка галоўных герояў – канструкт не менш штучны за яе імя — “Рэнэсмэ” (сярэднее паміж “Рэнэ” і “Эсмэ”). На ўсялякі выпадак ўвесь час здымаюць, як немаўля ўсміхаецца (відавочна, аўтары дзесці чулі, што дзіцячыя усмешкі замілавальныя), — але яшчэ часцей пакідаюць па-за кадрам, дазваляючы дзяўчынцы расці не па днях, а па гадзінах, каб як найхутчэй дасягнуць галоўнага ўзросту ў жыцці – падлеткавага. Абудзіўшыся ў самым пачатку фільма ад мёртвага сну, Бэла доўга скача па лясах і гарах, абдымаецца з Эдвардам, абмяркоўвае планы на будучыню і толькі потым раптам узгадвае, што ў яе ўвогуле ёсць немаўля-дачка, якую ўвесь гэты час калыхае верны ваўкалак (нічога іншага небараке Джэйкабу, чыя каханая ўзялася шлюбам з супернікам, не застаецца).
Гэтая бестурботная дурасць, культ прыгажосці і сентыментальнасці, поўная адсутнасць крытычнага мыслення і хаця б намёку на пачуццё гумару, — тая ўтопія, да якой сёння шмат хто імкнецца. У ёй – сакрэт поспеху “Прыцемак”, якія ўпісалі ў шматвекавую гісторыю казачнага жанру новы фінал: “Жылі яны доўга і шчасліва і не памерлі ніколі”.

Падзяліцца запісам

  • Facebook
  • Twitter
  • Google Buzz

3 комментария on "Вампіры, што забілі час"

  1. Евгения 30.11.2012 из 11:50 пп - Ответ

    Простите мой русский :)
    Для человека, которому «невыносимо» смотреть серии саги, написано прекрасно и глубоко, аж на целых два шага вглубь от полного непонимания :)
    Только Калены — вампиры, а не оборотни, и, боюсь, Эдвард не переводится как Эдуард. Но этом елочи по сравению с тем, что суть привлекательности фильмов (и книг) осталась совершенно вне сознания автора статьи.

    • Забізяпа 01.12.2012 из 12:20 дп - Ответ

      Дзякуем за вашае меркаванне. Таксама дзякуем за праўкі, «ваўкалак» і «вурдалак» надта блізкія ў нашай мове словы, каб іх было складана пераблытаць.
      Раскажыце нам, што ж не зразумеў аўтар?

  2. Марыя 02.12.2012 из 8:55 дп - Ответ

    Я згодна з Яўгеніяй. Мне здаецца вы проста не да канца разумееце, што вельмі шмат фільмаў разлічаны на пэўную катэгорыю гледачоў. Так, Прыцемкі — фільм для дзяўчынак тынэйджараў у асноўным. Я даўно ўжо такой не з’яўляюся, але з задавальненнем паглядзела усе часткі і нават па дыяганалі пачытала кнігу. Кніга, дарэчы, на самай справе не вельмі цікавая, месцамі, нават, неразумная. Згодна з вамі, там шмат пустых нудных дыялогаў. А фільм зняты даволі добра і нават відовішчна, ёсць шмат смешных жартаў. Мне спадабалася і пры гэтым я не лічу сябе нейкай разумова адсталай або дэградзіраванай асобай. Таму што фільм гэты варта глядзець проста, калі хочацца расслабіцца і даць адпачыць мазгам.
    Ён без усялякіх прэтэнзій на геніяльнасць і на Оскар, таму не трэба шукаць у ім вышэйшага сэнсу. Як і ў Гары Потэра, і ва Уладару пярсцёнкаў.
    Я б хацела даць паважанаму аўтару савет. Калі вы берацеся глыбока аналізаваць кнігу або фільм, то для пачатку трэба іх уважліва паглядзець і пачытаць. Таму што ў вашым артыкуле ёсць некалькі даволі неразумных рэчаў. Напрыклад: «малады ваўкалак распранаецца перад шакаваным пажылым палісмэнам, нібыта каб прадэманстраваць сваю звярыную натуру (хоць раней для гэтага распранацца было неабавязкова)» Вы не звярнулі ўвагі, што калі ваўкалакі ператвараліся, то вопратка на іх рвалася? У фільме гэта паказана даволі ясна. У кнізе ўвогуле падрабязна апісваецца, што пярэваратні часцей за ўсё насілі мінімум адзення, каб не рваць яго кожны раз. Джейкаб проста зняў адзежу, каб ператварыўшыся назад у чалавека не бегчы дадому голым. Што ў гэтай сцэне вам не спадабалася? Усё лагічна. Яшчэ: «Абудзіўшыся ў самым пачатку фільма ад мёртвага сну, Бэла доўга скача па лясах і гарах, абдымаецца з Эдвардам, абмяркоўвае планы на будучыню і толькі потым раптам узгадвае, што ў яе ўвогуле ёсць немаўля-дачка, якую ўвесь гэты час калыхае верны ваўкалак (нічога іншага небараке Джэйкабу, чыя каханая ўзялася шлюбам з супернікам, не застаецца)». Бэла не бачыла свайго дзіцяці пасля нараджэння двое сутак. Першыя суткі, калі не больш, яна ляжала нерухомай і перажывала працэс ператварэння, а потым ёй трэба было спачатку паесці, паколькі ўсе баяліся, што яна можа нанесці шкоду дачцэ, якая напалову чалавек. Зноў жа ўсё лагічна і паслядоўна. Ну а ў Джэйкаба з дачкой Бэлы адбыўся імпрытінг, таму ён у выніку апынуўся цалкам шчаслівым. Далей працягваць пра вашы памылкі не буду, а то шмат часу зойме.
    І напрыканцы хачу сказаць, што абліваць Прыцемкі памыямі лічыцца вельмі модным, і людзі, якія гэта робяць, мабыць лічаць сябе самымі разумнымі, адукаванымі і вялікімі знатакамі кіно і літаратуры. Мне такіх людзей шчыра шкада.

Используется с divadoor.ru

Падзяліцца меркаваннем