«Ной». Кніга лепшая, але і фільм варты.

7 Агульны бал

Выразны мэсыдж, мараль фільма. | Сама біблійная тэматыка, якая, хаця б часткова, але знаёміць з “самай папулярнай кнігай”, якую, аднак, у нашых краях мала хто чытаў. | Акторская гульня Расэла Кроў

Ухіл у “фэнтэзі”, асабліва ў першай частцы | Касьцюмы герояў, якія, хоць і зробленыя з суворых нітак, але выглядаюць так, нібыта трапілі на экран з фэшн-калекцыі | Непразрыстыя намёкі на тое, што есьці мяса – кепска. (Хаця, вядома, часткай гледачоў гэта будзе запісана ў плюсы; але не намі – аматарамі вяндлінаў і чырвонай рыбы)

Ніколі, бадай, ня чуў я настолькі розных, дыяметральна супрацьлеглых водгукаў пра фільм. Зрэшты, у гэтым выпадку яно і ня дзіўна – вядзецца ж пра тэму далікатную: экранізацыю біблейскай гісторыі.

Маштабная пастаўноўка Дарэна Араноўскага пра Вялікі Патоп аказалася паміж молатам і кавадлам: з аднаго боку, яе крытыкуюць тыя, хто чакаў даслоўнага сьледаваньня тэксту Бібліі. Зь іншага боку – тыя, хто спадзяваўся, што прыйдзе на прагляд забаўляльнага фільма-катастрофы пра патоп і жывёлаў, без няпростых пытаньняў пра стасункі паміж Богам і чалавекам.

Чаканьняў і першай, і другой часткі аўдыторыі фільм не апраўдае. Дый наўрад ці рэжысэр і аўтар сцэнару ставілі перад сабой такую задачу.

“Ной” Араноўскага – гэта ня столькі экранізацыя некалькіх разьдзелаў Быцьця, колькі фільм-прытча. Апокрыф. Жанр, незаслужана забыты. Што мы можам узгадаць з апокрыфаў ХХ стагодзьдзя? Зь беларускай – “Апокрыф” Максіма Багдановіча, з сусьветнай – “Лісты Баламута” і “Хронікі Нарніі” Клайва Льюіса ды “Язэп і яго браты” Т.Мана. А пра фільмы – дык тут выбар яшчэ бяднейшы. Так што сама задума рэжысэра ўжо цікавая сама па сабе.

f9ba93701be04344978089f3d4c202e9

Відавочна, што гэтае кіно ня зьнятае, каб быць кінематаграфічнай “іконай” старазапаветнай гісторыі. Сам аўтар гэтага не хаваў, і ў інтэрвію азначаў, што карыстаўся пры падрыхтоўцы праекту і габрэйскімі мідрашамі (тлумачэньні Пяцікніжжа Майсея), і кнігай Эноха (некананічная кніга, уваходзіць у канон толькі Эфіёпскай і Эрытрэйскай праваслаўных цэркваў). Дарэчы, калі зьвярнуцца да Кнігі Эноха, то якраз-такі там і можна знайсьці крыніцу большасьці тых момантаў у фільме, пра якія Біблія нічога нам не паведамляе. У Кнізе Эноха, як і ў фільме Араноўскага, Ной “прыйшоў да межаў зямлі” да свайго дзеда, каб запытаць у яго парады; каўчэг там і там дапамагаюць будаваць анёлы, толькі ў фільме – паўшыя. Зрэшты, і сама наяўнасьць “Вартавых” (анёлаў, якія, не паслухаўшыся Бога, сышлі зь неба, і якімі кіруе галоўны на імя Сэм’яза) – зноў жа, – з гэтай апакрыфічнай кнігі.

NoahWatchers

Менавіта так і трэба глядзець гэты фільм: як кіно, зьнятае “паводле матываў” Бібліі, а не як ілюстрацыю.

 

Можна спрачацца, ці варта было перайначваць некаторыя важныя моманты, пра якія кажа Стары Запавет. Напрыклад, матывацыя Ноя ў фільме моцна аднозьніваецца ад таго, “што было ў кнізе”. У Бібліі Ной ад самага пачатку пабудовы каўчэгу сьвядомы сваёй місіі збавіць чалавецтва, а ў фільме – ён усьведамляе сваю місію як збаўленьне зямлі ад чалавецтва, і толькі напрыканцы кінагісторыі, разачараваны сваёй недасканаласьцю і прыціснуты тым, што місію “ня выканаў”, прыходзіць да спасьціжэньня Божага плану. Ці апраўданы быў такі падыход да гісторыі Ноя? Складана сказаць. Але ўводзячы гэты драматычны канфлікт у стужку, аўтар, на падставе яго, напрыканцы фільма выводзіць мараль: Бог дае чалавеку выбар паміж халоднай справядлівасьцю і міласэрнай любоўю.

hi-res-still-from-noah-movie

 

Тры мінусы фільма:

— Ухіл у “фэнтэзі”, асабліва ў першай частцы.

— Касьцюмы герояў, якія, хоць і зробленыя з суворых нітак, але выглядаюць так, нібыта трапілі на экран з фэшн-калекцыі.

— Непразрыстыя намёкі на тое, што есьці мяса – кепска. (Хаця, вядома, часткай гледачоў гэта будзе запісана ў плюсы; але не намі – аматарамі вяндлінаў і чырвонай рыбы).

 

Тры плюсы:

+ Выразны мэсыдж, мараль фільма.

+ Сама біблійная тэматыка, якая, хаця б часткова, але знаёміць з “самай папулярнай кнігай”, якую, аднак, у нашых краях мала хто чытаў.

+ Акторская гульня Расэла Кроў

 

У свой час мяне падштурхнула да чытаньня Новага Запавету рок-опэра “Jesus Christ Superstar”. Захацелася зьвярнуцца “да крыніцы”, даведацца пра ўсё, як кажуць, ад сьведкаў падзеяў. Магчыма, і фільм Араноўскага натхніць кагосьці прачытаць гісторыю Ноя, а мо і цэлую кнігу Быцьця – каб даведацца: а як жа яно там было?

Аляксей Шэін, kinakong.by

Падзяліцца запісам

  • Facebook
  • Twitter
  • Google Buzz

Падзяліцца меркаваннем