Лінкальн

9 Агульны бал

аўтар: JOE MORGENSTERN Wall Street Journal пераклад: kinakong.by

Гэтак жа, як у фільме“Выратаваць шэрагоўца Раяна”, ў “Лінкальне” Спілберга вайна з усімі яе жахамі – толькі прадмова да аповесці. Старая гісторыя Грамадзянскай вайны з рукапашнымі бойкамі, штыкавой і стрэламі  паказаная з новага боку.

Спілберг здолеў выбітна сумясціць класічнае і новае: былое дасканала перададзенае выдатнымі касцюмамі і дэкарацыямі, а на іх фоне паўстае абсалютна новы вобраз шаснаццатага прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі ў атачэнні сучаснікаў. Гэты вобраз бліскуча адлюстраваў Дэніэл Дэй Л’юіс. (выбітны сцэнар Тоні Кушнэра быў часткова заснаваны на кнізе Дорыс Кернс Гудвін «Каманда Супернікаў: палітычны геній Абрагама Лінкальна»).

У першую чаргу (хоць і ня толькі), “Лінкальн” – драма ідэй. Фільм робіць акцэнт апошніх месяцах жыцця прэзідэнта, калі ён спрабаваў зрабіць амаль неверагоднае: аб’яднаць падзеленую Грамадзянскай вайной нацыю і адначасова прасунуць праз непакорны Кангрэс 13 папраўку, каб пакончыць з рабаўладальніцтвам.
Супярэчлівыя мэты, але Лінкальн імкнуўся да іх дасягнення з запалам ідэаліста і талентам  прагматычнага падыхода да складанасцяў палітычнага жыцця.

 

 

Вам не абысціся без дадатковых матэрыялаў, калі вы жадаеце зразумець ўсіх герояў фільма ды схаваныя матывы, што  рухаюць імі (сам «Шчыры Эйб» быў вельмі хітрым, калі справа таго патрабавала).

Больш за тое, настолькі складаныя фільмы мусяць стварацца з улікам таго, што пасьля гледачы звернуцца да кніг ці пойдуць на лекцыю, каб даведацца болей пра тое, што яны пабачылі на экране. Бо й пасьля камерцыйнага выкарыстаньня Лінкальн застанецца найкаштоўнейшай адукацыйнай крыніцай.

І будзьце ўпэўненыя: адлюстраванне палітычнага працэсу ў фільме захапляе – ён паказаны вельмі жывым. Вы будзеце уражаныя палітыкай тых часоў: вір абвінавачванняў, даносаў, прадажнасці пад маскай дабрадзейнасці, непрыкрытай прадажнасці і нарэшце шчырай дабрадзейнасці, якая змагаецца пасярод гэтага – моцны кантраст з сёняшнім днём, калі палітыка ператварылася ў вартую жалю пантаміму, дзе палітыкі баяцца сказаць рэзкае слова каб не нашкодзіць рэйтынгу.

Акцёрскі склад, наўпрост бездакорны, уключае ў сабе: Салі Філд у ролі Мэры Тод Лінкальн, Томі Лі Джонса у ролі Тадэуса Стывенса, Хэла Халбрука ў ролі саветніка Лінкальна Прэстана Блэйра, Джосэфа Гордана-Левіта ў ролі Роберта Тода Лінкальна, Дэвіда Стрэтэірна ў ролі Уільяма Сьюарда і Джэймса Спайдэра ў ролі палітычны кансультанта В. Н. Більба.

Мастак праэкта – Рык Картэр, фатограф – Януш Камінскі, кампазітар – Джон Уільямс. Рэжысура містэра Спілберга вельмі энэргічная, і, адначасова, амаль незаўважная. Цудоўная камбінацыя,хаця фільм, як і людзі, пра якіх ён распавядае, недасканалы. Ёсць і сумнеўныя эпізоды. Да прыкладу, кранальны момант у пачатку фільма пераўтвараецца ў няёмкае мармытанне пра няроўнасць чорных і белых ваяроў у войску Саюза (войскі паўночных штатаў — прым. перакл.). А фінал фільму выклікае развагі, ці трэба было наогул паказваць смерць прэзідэнта, і калі так, то якім чынам.

Тым ня менш патртрэт Лінкальна далёка выходзіць за яго стандартны вобраз; гэта новае стварэньне, дасканалае у межах фільма. Містэр Дэй-Льюіс, звычайны голас якога — глыбокі барытон, для ролі Лінкальна стаў размаўляць больш высокім тэнарам з пранізлівым тэмбрам, бо гэта найбольш адпавядае таму, як, па сведках сучаснікаў, размаўляў сам Лінкальн. Эфект ўражвае: голас гучыць пранізліва-трывожна і вельмі пераканаўча.     Гэты вобраз актор дапаўняе жэстамі: рукі ў пастаянным руху, як быццам ён стаіць за пюпітрам; змрочнасць паводзінаў, сутуласць, плечы апушчаны.

Але гэта ўсё знешнія прыкметы, а фенаменальнасць гульні Дэй-Льюіса ў тым, што яна ідзе глыбока знутры. Таямніца яго неверагоднай гульні, якую толькі узмацняе бліскучы сцэнар Кушнэра, ў тым, што актор дасканала зразумеў жывы дух Лінкальна. Прэзідэнт сапраўды жыве ў гэтай ролі: прэзідэнт — просты чалавек з народу, што распявадае пахабную байку пра партрэт Вашынгтона ў прыбіральне. Але ў той жа час Лінкальн — эпахальны чалавек, калі ў спрэчцы пра закон супраць рабаўладальніцтва, ён уздымаецца і гнеўна ўсклікае: “Я прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі, надзелены ўсёй паўнатой улады. Вы забяспечыце мне гэтыя галасы!”

Вось гэта гульня. Гэта сцэнар. Гэта незабыўна. Гэта Абрагам Лінкальн, якога мы яшчэ ня ведалі.

 

Падзяліцца запісам

  • Facebook
  • Twitter
  • Google Buzz

Падзяліцца меркаваннем