Пякельны «Дарадца»

4.5 Агульны бал

Пякельны “Дарадца”.

Рыдлі Скот, Брэд Піт, Кормак Макарці: рэцэпт фільма-прарухі

Кормак Макарці – пуліцэраўскі лаўрэат, верагодны кандыдат на Нобелеўку, аўтар кніг “Старым тут няма месца” і “Дарога” – напісаў першы ў сваёй кар’еры кінасцэнар. Экранізаваў яго Рыдлі Скот, рэжысёр “Чужога”, “Бягучага па лязу” і “Тэльмы і Луізы”. Галоўныя ролі ў карціне ваканалі Майкл Фасбендэр, Пенелопа Крус, Брэд Піт і Кэмеран Дыяз. Карціна, што была створаная такімі людзьмі, проста абавязаная атрымацца калі не шэдэўрам, то ўжо хаця б дыхтоўнай працай, ці не так? На жаль, не так.

Фармальна “Дарацца” – трылер. Фасбендэр грае тэхаскага юрыста (у яго няма імя, іншыя персанажы мянуюць яго выключна Дарадцам), які хоча забяспечыць сабе і нявесце Лоры (Крус) заможную будучыню. Дзеля гэтага ён вырашае звязацца з наркакартэлям і ўзяць удзел ва ўгодзе на 20 міліёнаў долараў ЗША. Ён выхозіць на пасярэдніка (Піт) і буйнога наркагандляра (Бардэм) – абодва, зрэшты, папярэджваюць яго, што ў такія справы лепш не лезці. Апроч іншага, побач з персанажам Бардэма завіхаецца яго каханка (Дыяз) – жанчына з дзіўным імём Малкіна, леапардавай татуіроўкай у паўспіны і залатым зубам. Малкіна, выглядае, надумала ліхое. Адным словам, любы мусіў зразумець, што нічым добрым справа не скончыцца – але ж Дарадца прагне намывы і ў выніку ўляпваецца ў лайно (і гэта яшчэ мякка сказана).

w2

Сюжэт “Дарадцы” гучыць няўцямна не толькі ў пераказе – сам фільм Скота не больш зразумелы. У галоўнага героя няма не толькі імя – гледачам нічога не распавядаюць ні пра яго мінулае, ні пра цяпершняе, ні пра працу, ні пра жыццё па-за ёю. Якіх менавіта кліентаў Дарадца прадстаўляе ў судзе? Няма адказу. Адкуль у яго грошы (а чалавек ён, выглядае, заможны, проста ў крызісе)? Таксама таямніца. Ні характара, ні звычак, Дарадца – гэта непранікальны твар Фасбендэра і, уласна, усё.

Пра астатніх персанажаў гледачы таксама даведаюцца мала. Хто яны? Як пазнаёміліся? Як ставяцца адзін да аднаго? Так, Лора рэлігійная, Малкіна трымае дома двух гепардаў, а героя Бардэма вабяць ідыёцкія кашулі, а далей-та што? Дарэчы, як раз строям (а таксама інтэр’ерам) Скот надае пільную ўвагу. У выніку “Дарадца” робіцца падобрым да зацягнутых фэшн-здымкаў для глянцавага выдання: прыгожыя людзі ў прыгожай вопратцы ў прыгожых пакоях эфектна насупліваюць бровы, п’юць кактэлі ды шмат лапочуць. Так і чакаеш, што зараз унізе кадра з’явіцца тытр: “На Дарадцы кашуля Hugo Boss, строй Tom Ford, гадзіннік Cartier” (маркі абраць на густ). У другой палове фільма атачэнне змяняецца – замест шэзлонгаў ля басейна і шыкоўных гатэляў у кадры з’яўляюцца вуліцы мексіканскага гарадку. Спішам гэта на багатую фантазію стыліста, які вырашыў падкрэсліць прыгажосць зорак адштурхоўваючым асяродкам.

w1

Дарэчы, пра лапатню: амаль усе персанажы “Дарадцы” скрайне гаманлівыя. Пры гэтым узровень дыялогаў адпавядае не стужцы “Старым тут няма месца”, а подпісам да фотаздымкаў у тым жа глянцавым выданні: героі з задуменным выглядам прамаўляюць шматслоўныя банальнасці. У выніку “Дарадца” ахінае гледача ў напаўсонны стан, і нават тое, што на экране некаму адрываюць галаву, таксама не асабліва бадзёрыць. Па-першае, гэта ж фільм Рыдлі Скота, так што адарванай галавой нікога не здзівіш. Па-другое, усе персанажы атрымаліся  да такой ступені папяровымі (і гэта ў лепшым выпадку, у горшым – проста непрыемнымі), што ніхто з іх не выклікае ані спачування, ані цікаўнасці. Адарвалі галаву? Ну, невялікае гора. Праўда, даводзіцца пагадзіцца, што ў гэтай сітуацыі бірка “трылер” падаецца не надта да месца. Трылеры мусяць нерваваць, а не залагоджваць.

Можна было б паспрабаваць ускласці ўсю адказнасць на промахі “Дарадцы” на Макарці – ён, безумоўна, таленавіты пісьменнік, але праца са сцэнаром мае свае асаблівасці. Аднак даводзіцца пагадзіцца, што Скот сам вінаваты.У гэтага кінематаграфіста своеасаблівае пачуццё прыгожага, гэта ўсе ведаюць. Урэшце менавіта ён сваім фільмам “Чужы” папулярызаваў жанр body horror, «цялесны жах» — то бок гісторыі пра жахлівыя трансфармацыі чалавечай плоці. (Дарэчы у “Дарадцы” за “бодзі хорар” адказваюць зусім не пазбаўленыя галавы персанажы, а Малкіна: сцэна, у якой яна займаецца сэксам з лабавым шклом аўтамабіля, — гэта сам сапраўдны жах і ёсць.) Дык вось, відавочна, з гледзішча Рыдлі Скота, “Дарадца” выкшталцоны. Гэта не той выпадак, калі фільм дрэнны таму, што ў яго творцы штосьці не атрымалася. “Дарадца” нудны, пусты і прэтэнзійны – але Скот, падаецца, зрабіў усё так, як і хацеў.

Сяргей Абалонкаў, lenta.ru

Падзяліцца запісам

  • Facebook
  • Twitter
  • Google Buzz

Падзяліцца меркаваннем