5 прычынаў паглядзець «Нястрымныя 2»

7 Агульны бал

1. ЗДЗЯЙСНЕННЕ ДЗІЦЯЧАЙ МАРЫ
Хто з вас, дзецюкі, не марыў у дзяцінстве пабачыць, урэшце, хто круцей: Тэрмінатар, ці Рэмбо, Уіліс, ці Ван-дам? Сапраўды, Сільвестр Сталонэ спраўдзіў нашыя дваравыя мары, зрабіўшы блакбастар, дзе героі баевікоў 90-х змагаюцца разам, а ў перапынках перакідваюцца эпічнымі фразамі з старых фільмаў. Адно гэта, а яшчэ і настальгічнае пачуцце “вяртання ў дзяцінства” вартае таго, каб схадзіць на фільм.

2. ПА-САПРАЎДНАМУ ДОБРЫ ЭКШН
Рэжысёр зрабіў добрыя высновы з першай частцы, калі завялікая крутасць усіх герояў негатыўна ўплывала на экшн, і зняў вельмі роўнае і якаснае мачылава. Не ўзнікае пачуцця перабору нідзе. Фільму верыцца настолькі, наколькі ён сам гэтага жадае: натуральна, гэта не рэалістычная драма, а ўсёж геройскі баявік, таму сотні трупаў ворагаў і “эфект штурмавіка” неад’емная яго частка. Але тое ўспрымаецца абсалютна натуральна і толькі узмацняе асалоду ад фільма. Бодры, роўны, эфектны экшн, гэта несумнеўны плюс.

3. СТАРЫКАНЫ Ў СПРАВЕ
З часоў фільма “РЭД” старыканы не адпальвалі так на шырокім экране. Нагадаю, што не адзін і не два актора ў “Нястрымных” даўно перавалілі за 60 год. Але гэта не замінае ім стрэламі і пінкамі пракладваць сабе шлях ня горш за іх маладзейшых калегаў. Сапраўды, паглядзець на тое, як Арні і Чак пасля шматгадовага перапынку бадзеранька расстрэльваюць дрэнных хлапцоў – асаблівае задавальненьне, якога больш нідзе не пакаштуеш.

4. ЧАК НОРЫС
Дарэчы, пра Чака. Яго з’яўленне – адзін з лепшых момантаў фільма. Прынамсі, такіх авацый ў кінатэатры, якія выклікаў герой Норыса, я ўжо даўно ня чуў.
Хаця Чак ніколі не быў такой жа зоркай кіно, як Сталонэ, ці Ўіліс, зараз яго медыйная вядомасць, бадай што вышэй за іх усіх. Таму перад стваральнікамі фільма стаяла няпростая задача: з аднаго боку, спраўдзіць чаканні фанатаў, з іншага боку, не ператварыць гэта ўсё ў фарс. І трэба сказаць, рэжысэр бліскуча справіўся. Чака Норыса ў фільме роўна столькі, колькі трэба і менавіта такога, якога трэба.
Схадзіць у кіно варта ўжо дзеля гэтых некалькіх па-сапраўднаму эпічных хвілінаў з Чакам, а дадатковым задавальненнем для вас будзе хваля пазітыўных авацый, якой кіназаля сустрэне “самотнага воўка”.

5. СУПЕРГЕРОЙ-БЕЛАРУС
І на дэсерт невялічкі падарунак непасрэдна для нашай краіны. Пасярод фільма адзін з герояў прызнаецца, што ён… беларус! Я не змог знайсці інфармацыі, што Рэндзі Куцюр, актор баевікоў і шматразовы чэмпіён свету па змешаных адзінаборствах, мае продкаў з Беларусі, але яго герой у гэтым шчыра прызнаецца і сапраўды, ён вельмі падобны на беларускага ваяра.
Як кажуць, дробязь, але прыемна. Няблага зірнуць на беларуса, што валіць дзесяткі бандытаў у такой кампаніі :)

Такім чынам, фільм атрымаўся дужа добрым, гумарным, энэргічным. Пясок з яго не сыплецца, як б хто не баяўся, а адрэналіну хопіць на пяток новамодных стужак. Пры гэтым гэта сапраўдны класічны алдскул, без модных ліберальных енкаў і постмадэрнісцкіх фласофій: дабро ёсць дабро, зло ёсць зло, і паверце, на працягу фільма Дабро максімальна эфектна наваляе Злу па самыя памідоры.
Натуральна, фільм падыходзіць ня ўсім. Не раю я яго глядзець людзям, калі:
1) Вы дзяўчынка і ня церпіце гвалт на экране;
2) Ня любіце баевікі, а аддаеце перавагу фільмам накшталт “Еш, маліся, любі”;
3) У вас няма грошаў на кіно і вы збіраецеся глядзець экранку.

Ўсім астатнім: пераглядайце для настрою трэйлер, выбірайце кінатэатр з добрым гукам, бярыце сяброў, запасайцеся чыпсамі-колай і рыхтуйцеся лавіць кайф ад сапраўднага мужчынскага кіно.

Падзяліцца запісам

  • Facebook
  • Twitter
  • Google Buzz

Падзяліцца меркаваннем