«Пакуль ногі носяць» — кранальная камедыя 26-28 траўня па-беларуску

26-28 траўня у межах «Беларускіх уікэндаў» адбудуцца паказы кранальнай камедыі «Пакуль ногі носяць» па-беларуску. У галоўных ролях — Джэк Нікалсан і Морган Фрымэн.

Эксцэнтрычны мільярдэр Эдвард Коўл (Джэк Нікалсан) і аўтаслесар Картэр (Морган Фрымэн) пражылі сваё жыццё па-рознаму, але ніколі не мелі магчымасці спыніцца і задумацца, навошта. Цяпер, калі яны апынуліся на суседніх ложках у шпіталі і ў іх аднолькавы дыягназ – рак, сябры па няшчасці вырашаюць, пакуль ногі носяць,  выканаць усе свае запаветныя жаданні. Але ці знойдуць яны радасць у жыцці?

Гэты фільм — бенефіс двух геніяльных акцёраў нашага часу: выбухнога Джэка Нікалсана і заўжды спакойнага Моргана Фрымэна. Фільм камедыйны, але адначасова прымушае задумацца пра важныя рэчы: у чым сэнс і радасць жыцця?

На беларускую мову галоўныя ролі агучылі Павал Харланчук і Алесь Малчанаў.

Паказы адбудуцца 26-28 траўня ў кінатэатры «Масква». Пачатак сеансаў а 19:00. Білеты можна набыць у касах кінатэатра і на bycard.by.

Паказы арганізаваны ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom.

Падрабязней можна даведацца па тэлефоне +375 29 5543459 (Андрэй).

Падзяліцца допісам

  • Facebook
  • Twitter

Адзін каментар on "«Пакуль ногі носяць» — кранальная камедыя 26-28 траўня па-беларуску"

  1. Ігар 29.05.2017 из 5:08 пп - Ответ

    Па-першае, дзякуй за выдатны праект. Нарэшце знайшліся АСОБЫ, якія прасоўваюць беларускую мову ў кінатэатры, БРАВА!
    Па-другое, дзякую за падбор фільмаў. Добры густ пры выбары стужак спрыяе цікавасці да праекту, да беларускай інтэрпрэтацыі дыялогаў. Я ўпершыню быў на такім праглядзе ў кіно, але ўжо ізноў хочацца глядзець чарговае добрае кіно на роднай мове).
    Пра фільм «Пакуль ногі носяць».Глядзеў з цікавасцю і асалодай. Агучка, як мне падалося, якасная ў тэхнічным сэнсе. Пераклад збольшага вельмі добры, але часам здавалася, што ёсць нейкія… не тое што недакладнасці, а некаторыя калькаваныя пераклады на манер расейскай. Ну напрыклад слова «дакладна» вельмі часта ўжывалася, але не ўва ўсіх выпадках трапна. А між тым беларуская мова мае багата адценняў, якія выражаюцца ў сінонімах. Спадзяюся, гэтае пытанне знікне з цягам часу. Карацей, я цешуся што нарэшце такое ёсць, рады быў бы паўдзельнічаць у гэтай высакароднай справе ;-)

Падзяліцца меркаваннем